Прыказкі і прыслоўі




Прыказкамі завуцца кароткія і складныя выразы, якія вобразна выказваюць закончаную думку. Напрыклад: дзе араты плачаць, там жняя скачаць. Тут вобраз: араты плачаць, жняя скачаць, а думка: дзе зямлю ўрабляюць, не шкадуючы працы, там бывае добрая ніва. Другі прыклад: пакуль цэп у руках, патуль хлеб у зубах. Тут вобраз: у руках цэп, у зубах хлеб, а думка: хлеб і наогул магчымасць жыць здабываецца працаю, а хто не працуе, той не будзе мець і хлеба. Вобраз у прыказцы памагае нам успрымаць думку; думка, звязаная з вобразам, робіць на нас большае ўражанне, лепей успрымаецца і даўжэй застаецца ў памяці. Прыказка, змяшчае ў сабе пераносны сэнс; думка ў ёй ахоплівае не адзін які-небудзь ведамы нам выпадак, а можа характарызаваць многа аднародных выпадкаў, падобных да ведамага нам.

Калі б мы сказалі: калода гнілая, ды сук смаляк, разважаючы над ведамаю нам калодаю, біць яе ці не біць,- дык гэта не была б прыказка. Калі ж гэты выраз ужываецца ў пераносным значэнні, як агульная вобразная характарыстыка выпадкаў, у якіх лёгка было б дасягнуць мэты (пабіць гнілую калоду), каб не адна якаясь нясходаная перашкода (сук смаляк),- дык выраз гэты робіцца прыказкаю. Побач з прыказкамі стаяць і прыслоўі - такія выразы, у якіх няма поўнае закончанае думкі, як стульнага вываду з развагі, але якія вобразна і ў пераносным значэнні характарызуюць прадмет ці з'яву. Выраз: калода гнілая, ды сук смаляк - больш прыслоўе, чым закончаная прыказка, бо яна больш характарызуе з'яву, чым дае паважную думку. Прыказка навучае, а прыслоўе толькі ажыўляе мову і думанне, даючы кароткую вобразную характарыстыку, як у выразах: ані вухам не вядзе; дзяцей - як бобу; бяжыць, як жару ўхапіўшы; абое-рабое і інш.

Прыказкі творацца ў сувязі з якім-небудзь характэрным выпадкам як кароткі і трапны вывад з развагі аб гэтым выпадку. Напрыклад, прыказка: выйграў, як Заблоцкі на мыле стварылася ў сувязі з такою прыгодаю купца Заблоцкага. Завёз ён жыта за граніцу, выменяў на мыла, а каб не плаціць мытнага збору, павёз мыла кантрабандаю, схаваўшы яго на дне судна. У дарозе пратачылася на дно вада, і мыла размякла... 3 часам забываецца, калі, дзе, як і з кім гэтак здзеелася, а вывад з разваг аб быўшай падзеі ідзе ў народ як прыказка ці прыслоўе для характарыстыкі чагось падобнага. Гэткі ж вывад можа быць зроблены не з праўдзіва быўшага ў жыцці выпадку, а з узятага з казкі, з апавядання. Напрыклад, прыказка: круці не круці, а трэба ўмярці ўзята з казкі аб тым, як смерць наўчыла варажбіта пазнаваць хваробу: калі ён убачыць смерць у нагах хворага, той палепшае, калі - у галавах, дык памрэ; калі варажбіт захварэў сам і ўбачыў смерць у сябе над галавою, ён павярнуўся к ёй нагамі, але смерць ізноў стала ў галавах і сказала: "Круці, кум, не круці, а трэба ўмярці". Некаторыя прыказкі і прыслоўі зайшлі к нам ад другіх народаў, трапілі ў народ з кніг і г. д.

Што да зместу прыказак і прыслоўяў, дык ёсць між іх такія, што маюць змест вельмі даўнага пахаджэння. Ды і ў пісьмо прыказкі сталі трапляць вельмі даўна, як устаўкі ў тэксце памятак старой літаратуры. Збіраць жа і запісваць нашы прыказкі этнографы сталі толькі з палавіны 19-га веку. Цікаўная прыказка-насмяханне запісана пад 984 годам у адной літаратурнай памятцы кіеўскага пісьменства аб нашым племі радзімічах. Кіеўскі аўтар-патрыёт, з прыемнасцю адзначаючы перамогу на рацэ Пішчане рускага ваяводы Воўчага Хваста над радзімічамі, якія баранілі сваю незалежнасць ад рускага княства, змяшчае складзеную рускімі з гэтае прыгоды прыказку: "темь і русь корятся радімічем, глаголюшче: пішчаньці - волчья хвоста бегають". Назоў ракі, сходны з дзеясловам "пішчэць", і прозвішча ваяводы стварылі ігрою слоў пераноснае значэнне, і ўтварылася прыказка. У "Одпісах" 1573- [157]4 гг. Аршанскага старасты Філона Кміты, маючых і літаратурна-гістарычную цану, змешчана колькі прыказак, запісаных этнографам Насовічам і ў другой палавіне 19-га веку: "Колі утопілі, топор давалі, а выплывші ні топорішча" (у Насовіча: як ратавалі, тапор давалі, а выратавалі - ані тапарышча); "Хромого волка за лісіцу стало" (станець хромага ваўка за лісіцу); "Тая баба на двое ворожіла" (надвое бабка варажыла); "Як доробіло ліхо, прорежутся і зубы" (як даробіць ліха, прарэжуцца і зубы); "Мы от ворот, а он дырою вон" (ты ад варот, а ён цераз плот); "I каші не хочу, і по воду не іду" (і кашы не хачу, і па ваду не іду); "Ожогшіся на молоце, велено на воду дуть" (апарыўшысь намалацэ - і на ваду студзіш).

Падобна да той рускай прыказкі аб радзімічах ёсць у нас нямала прыказак, звязаных з гісторыяй, ці такіх, што характарызуюць гістарычны быт, напрыклад:

- Мсціслаў не аднаго сціснуў (гаворыцца ў сувязі з местам Мсціслаўлем, быўшай цытадэллю на ўсходзе Вялікага княства Літоўскага, не раз пабіваўшай ворагаў.

- За Саса было досыць хлеба і мяса, а настаў Панятоўскі - стаў хлеб не такоўскі (характарызуюцца часы князёў Вялікага княства Літоўскага саксонскай дынастыі і караля Панятоўскага).

- Батура - сабачча натура (адбіваецца пагляд нашага народа на караля Стэфана Баторыя).

- Вот тут статут і канступацыя (прыказка свавольнае шляхты з часоў судовых распраў па статутах Вялікага княства Літоўскага.

- Іжыца, дубец к спіне бліжыцца (аб даўнейшым трудным навучанні па славянскіх кнігах, у часе якога і білі).

- Гаварыў бы па-польску, ды язык конскі (насмяханне над людзьмі, якія даўней ламаннем мовы на польскі лад хацелі паказаць сваю панскасць ці падслужыцца пану).

- Як наша мова: дзе да ідзе, ідзі ды хадзі; а як маскоўская мова: бярэ ды дзярэ, ды і чорт іх разбярэ, хто каго дзярэ (прыслоўе аб наезджых з Расіі чыноўніках, якія абдзіралі наш народ і высмейвалі яго "некультурнасць").

- Хоць ты мяне капут, дык я табе не галём (з вайны 1812 г.).

Многія прыказкі характарызуюць даўнейшыя эканамічныя адносіны ў нашым краі, цяжкое становішча сялян, прыгнечаных панамі, і звязаны з гэтым быт:

- А і дзе пекла? А ў Альбрэставе! (Альбрэставам зваўся адзін фальварак манахаў-езуітаў, дзе дужа цяжка жылося сялянам-работнікам).

- Калі паны лікуюць, тады мужыкі без хлеба таскуюць.

- Гэта, мужык, атлас! Ад нас, паночак, ад нас!

- На сем двор адзін тапор: адзін рубіць, а Іцэсцера ў кулак трубяць (гаворыцца аб беднай вёсцы).

- Чорт душу выме, а пан скуру здыме.

- Баяцца не цівуна, а яго бізуна.

- Бабёр дабёр, толькі каб свае скуры за яго не аддаў (за паляванне на панскіх баброў цяжка каралі).

- Голад не дзядзіна, з'ясі і крадзена.

- Калі не пад'ясі і святых прадасі.

- Пушны хлеб не голад, а пасканная сарочка не нагата.

- Галоднаму асцюлькі не колюцца.

- Голы разбою не баіцца.

- Багатыр дзівіцца, чым худак жывіцца.

- Багатаму чорт дзяцей калыша.

Прыказкі адбіваюць народны светагляд, часам вельмі даўныя вераванні і абрады:

- Пакланіся кусту, а ён дасць хлеба лусту.

- Нашто таму богу маліцца, які нас не слухае.

- Каторы бог намачыў, той і высушыць.

- Бога хвалі, дый чорта не гняві.

- Балота без чорта не бывае.

- Сказаў бы, ды печ у хаце (значыцца: не скажу з пашаны да месца, дзе жыве Хатнік, дух дзеданачальніка роду).

- 3 грашмі і Копшы дагадзіш (Копша - магільны бог; даўней з нябожчыкамі клалі грошы, каб яны маглі заплаціць на тым свеце за сваё месца).

- Соль табе ў вочы, галаўня ў зубы (прыслоўе супроць ліхога чалавека, узятае з замоваў).

Ёсць прыказкі, якія характарызуюць клас людзей: напрыклад, аб духавенстве ў нас ёсць такія прыказкі:

- Алтарысты і арганісты - усе на рукі не чысты;

- У папа, кажуць, дзве рукі: адна - што ксціць, другая - што бярэць, а той, што даець,- той няма.

- Не для Ісуса, а для хлеба куса (ідуць у папы дзеля спакусы на смачнейшы хлеб).

Некаторыя прыказкі характарызуюць агулам усіх жыхароў якога-небудзь горада ці мясцовасці:

- Магілеўцы кулажнікі: кулагу на локаць прадаюць, а на палец прыбаўкі даюць.

- Ах ты, мсціслаўскі недасека! (маскоўскі ваявода Трубяцкі выразаў у 1654 г. блізу ўсіх жыхароў Мсціслаўля, і з таго часу стварылася гэткае прысло,ўе).

- У Слуцку ўсё не па-людску.

- У Нясвіжы людзі хіжы: салому таўкуць - бліны пякуць, сена смажуць - бліны мажуць.

- Кепска кала Віцебска, а ў Воршы яшчэ горшы.

-Майстар з Міра: што цяў - то і дзіра.

- Майстар з Калугі: не так, дык і ў другі.

Ёсць каляндарныя прыказкі, асабліва - звязаныя з земляробскім календаром.

- Грамніца - зімы палавіца.

- Пытаецца люты, ці добра абуты.

- Марац кусае за палец.

- Май - коням сена дай, а сам на печ уцякай (засцярога, што і ў маі бываюць халады, і можа спатрэбіцца сена).

- Ілля наробіць гнілля (ліпнёвыя дажджы).

- Калі грыбна, то і хлебна (земляробская прымета).

Разгледжаныя прыклады толькі больш выразна паказваюць пахаджэнне, даўнасць або характэрныя раздзелы прыказак, але яны - саменькая , нязначненькая частачка ўсяго таго багацця, якое зазвычай ужываецца ў штодзеннай мове народа. У народе ёсць такія аматары казаць прыказкамі і прыслоўямі, што аб іх злажылася свая жартаўлівая прыказка-характарыстыка: "Без прыказкі і з лаўкі не зваліцца". Этнограф Насовіч, які сабраў прыказак і прыслоўяў некалькі тысяч, кажа, што прыказкі складаюць для нашага народа "звычаёва-практычную філасофію", што "ўсе выпадкі чалавечага жыцця, усе ўчынкі, як добрыя так і дрэнныя, і ўсякую нават развагу аб чым-небудзь" народ наш "падводзіць пад мярыла сваіх прыказак". Прыказкамі навучаюць:

- Хто пытае, той не блудзіць.

- Кінь перад сабою, знойдзеш за сабою.

- Паволі едзеш, далёка будзеш.

- Як пасцелешся, так і выспішся.

- Болей слухай, а меней гавары.

- Усюды добра, а дома лепей.

- Не кажы гоц, пакуль не пераскочыў.

- Гні дрэўца, пакуль гнецца і г. д.

Прыказкамі жартуюць, развесяляюць у смутках, падаюць надзею, падахвочваюць рухацца, жыць:

- Табе і ўміраць некалі будзе.

- Баба з калёс, калёсам лягчэй.

- Бяда, як дуда: станеш дуць - слёзы самі ідуць.

- Загляне сонца і ў наша ваконца.

- Пад ляжачы камень і вада не цячэ і г. д.

Прыказкамі высмейваюць заганы, засцерагаюць ад памылак:

- Спадзяваўся мядзведзь на мёд - і не еўшы спаць лёг.

- Улезеш у нерат - ні назад, ні наперад.

- Да пары збан ваду носіць.

Часам гэтае лёгкае высмейванне і засцераганне пераходзіць у сатыру, больш колкую іронію і нават сарказм:

- За вачыма свету не бачыць.

- Воўк не сабакі баіцца, а звягі яго.

- На чыім возе ехалі, таму і песенкі спявалі.

- I з неба сарваўся, і зямлі не дастаў.

- Андрэй Кузьме родны Хвёдар.

- Каўнер шырокі, а пяты голы.

- Не дай бог свінне рог.

- Выпінаецца, як скурат на агні і г. д.

Калі прыгледзімся да слоўнай формы прыказак, дык найперш адразу пачуем музыкальнасць мовы, рытм, сугучнасць або і рыфму. Кожная поўная прыказка складаецца як бы з дзвюх частак, прычым адна частка з'ясняе другую (Да пары збан ваду носіць: вушка адарвецца, і збан разаб'ецца) або выцякае, як следства з прычыны (Кроў не вада: разліць шкада), або адна частка звязваецца з другою праз умову (Калі курэц, то насі люльку і тытунец) г. д. Рыфма і сугучнасць (няпоўная рыфма) у прыказках бываюць даволі -часта:

- Я гэтую бяду пальцам развяду.

- Горка рэдзька, ды ядуць, ліха замужам, ды ідуць.

- За свой грош усюды харош.

- Голы, як біч, востры, як меч.

- Да Міколы няма дабра ніколі і г. д.

Бываюць і свайго роду алітэрацыі - як бы падбор слоў з аднолькавымі гукамі, якія паўторваннем даюць музыкальнасць:

- Ні села ні пала, дай бабе сала.

- Мужык дурны, як варона, а хітры, як чорт.

На правах прыказак і прыслоўяў ходзіць шмат розных словатвораў, як жартаўлівых перайманняў пяяння птушак, напрыклад, салаўя:

- А ў лядзе, у лядзе мужык сала пёк-пёк-пёк, круціў-круціў-круціў - тррр... сала кап-кап-кап, цячэць-цячэць-цячэць, кусь!

скорагаворак:

- Гэты калпак не перакалпакоўваецца; выразаў, якімі характарызуюць нягучнасць мовы пры пэўным укладзе слоў:

- Ці іці ці не іці?

або жартаўліва паказваюць падобнасць нашае мовы да іншых моў, напрыклад, да французскай:

- Міллян лён трэ, Андрэй рэпу жрэ і інш.