Легенды




З усіх жанраў гэтак званай неказачнай фальклорнай прозы найбліжэй да казак, дакладней - да чарадзейных казак, стаяць легенды. Легенда, як народнае мастацкае апавяданне вызначаецца, па-першае, своеасоблівым спалучэннем рэальнага і фантастычнага, звычайнага і дзівоснага, па-другое, пачаткова-зыходнай устаноўкай на вытлумачэнне і, па-трэцяе, выразна павучальным характарам. У легендах шмат фантастычнага - непараўна больш, чым у блізкіх да іх духам даўніны гістарычных паданнях аб далёкім мінулым. Прынцыповая розніца між імі ў тым, што паданне рэальны жыццёвы факт упрыгожвае, аздабляе выдумкай, у тым ліку - фантастычнай, а легенда імкнецца выдуманае, створанае фантазіяй выдаць за сапраўднае, за рэальнае. Апрача таго, дзівосныя з’явы і падзеі ў легендах вытлумачваюцца - чаго мы ніколі не бачым у казках.

Легенда прыйшла ў наш фальклор і заняла ў ім сваё адметнае месца ў часы ўсталявання на землях усходніх славян хрысціянства. Прыйшла на змену больш старажытнай за яе язычніцкай прымхліцы, якую, аднак, не выцесніла, а пачала жыць і развівацца побач, многае ўзяўшы ад сваёй папярэдніцы і яшчэ больш - ад самой жывой рэчаіснасці новай эпохі.

У аснову легендарнага сюжэта эвычайна кладзецца якісці цуд, неверагоднае здарэнне, з удзелам і людзей і істот звышнатуральных, з умяшаннем сіл цудадзейных.

Пра што складаліся легенды? Пра стварэнне свету, пра паходжанне жывёл, птушак і насякомых, пра святых і Бога, пра пекла і рай, пра віну і пакаранне за яе, пра дабрачыннасць і ўзнагароджанне за яе, пра чалавечую долю і смерць - і пра многае іншае.