Паданне




Паданне, будучы таксама, як казка ці легенда, вусным мастацкім апавяданнем, ад гэтых папярэдніх істотна адрозніваецца тым, што зместам сваім звязана з якой-небудзь канкрэтнай падзеяй гістарычнага жыцця-быцця народа і прымацавана да пэўнай мясцовасці. Часцей за ўсё яно (паданне) вырастае з нейкай падзеі мясцовай гісторыі. Устаноўка на гістарызм - найбольш характэрная рыса падання. Адсюль і грамадская функцыя паданняў перш за ўсё - пазнавальна-інфармацыйная.

Істотнай прыкметай многіх паданняў з’яляецца іх растлумачальны характар - імкненне даць адказ на пытанні: адкуль што ўзялося, як ўзнікла і гэтак называецца. Вытлумачыць, напрыклад, паходжанне і назвы пэўных населёных пунктаў, рэк і рэчак, азёр і крыніц, курганоў, лесу, паляны, балота і інш. У беларускім фальклоры большасць паданняў менавіта такога зместу. Астатнія - іх меншасць - звязаны з лёсам і жыццём пэўнай асобы, канкрэтнага чалавека, нечым выдатнага і цікавага.

Што да асаблівасцей мастацкай формы падання, то яна не вызначаецца той традыцыйнай кананічнасцю, устойлівасцю кампазіцыйна - структурных элементаў, што ўласціва казкам. Сюжет у ім, як правіла, аднаэпізодны, часам і зусім няма выразна акрэсленага сюжета, няма і такіх характэрных для казачнай прозы кампанентаў, як агульныя месцы, пастаянныя формы, дыялог, зачын, канцоўка.