Загадкi




Загадкі падобны да прыказак па вобразнасці думкі і па слоўнай форме. Але ёсць і вялікая розніца. У прыказцы даецца ясная формула думкі, а ў загадцы гэтая слоўная формула скрывае загаданы прадмет, даючы толькі нейкую прымету яго, часам вельмі далёкую, вельмі наіўна звязаную з яго праўдзівымі асаблівасцямі. Прыказка навучае, а загадка як бы спрабуе мудрасць чалавека ці выклікае ў яго напружанасць думкі, развівае войстрасць думання. Загадкі - творчасць далёкага ад нас часу, ужо чужая для нас па сваім духу і па сваіх заданнях. У іх адбіваецца на наш погляд ужо наіўная сама па сабе і дзяціная па форме выяўлення мудрасць даўнейшага чалавецтва. Псіхалагічныя прычыны стварэння гэтага віду слоўнай творчасці мы можам зразумець ці, лепей кажучы, адчуць хіба прыблізна, калі станем наглядаць працэс думання ў людзей разумных і нахільных разважаць, але неадукаваных: у іх ёсць добрыя думкі, але яны б'юцца ў абмежаным полі, як птушка ў клетцы. Цяпер новыя загадкі ў народзе блізу не творацца. Цяпер загадкі - дзяціная пацеха, якая развівае ў іх думанне і фантазію. Дарослыя людзі толькі зрэдку, вольным святочным часам і, так сказаць, у памяць мінулага, загадваюць загадкі, каб развесяліць кумпанію ці зрабіць прыемнасць дзецям.

Загадкі сустракаюцца ў вельмі даўных казках і абрадавых песнях,- найчасцей такія:

- Што бяжыць без повада? (Вада).

- Што расцець без кораня? (Камень).

- Што гарыць без полымя? (Зара).

- Што бела не белячы? (Лебедзь).

- Што чорна не чэрнячы? (Воран).

I калі разглядаць дайшоўшыя да нас загадкі па зместу, дык можна заўважыць, што адны з іх адбіваюць яшчэ першабытны светагляд чалавека, міфічныя вобразы, другія стварыліся ў эпоху лавецтва і скатаводства, трэція - у абставінах земляробскае працы, чацвертыя сведчаць аб належнасці іх аўтараў ад таго часу, калі ўжо людзі ўмелі чытаць і пісаць і г. д. Болыпасць нашых загадак звязана з нашым сялянскім бытам - даўнейшага або і цяперашняга часу.

Характэрнаю асаблівасцю загадак з'яўляецца параўнанне, прычым у даўнейшых загадках яно выглядае як бы ўвасабленнем загаданага прадмета ў вобразе прадмета вядомага, напрыклад: "бегла ліска каля лесу блізка: ані яе здагнаць, ані яе бег спазнаць (варыянт: "...ні сцежкі, ні дарожкі, толькі залатыя рожкі"),-загадка на сонечнае і месячнае святло, на маланку. Зазвычай параўнанні бяруцца з бліжэйшага навакольнага жыцця. Прадметы загадваюцца ў пазнейшых загадках абы-якія, а ў даўнейшых - сілы і з'явы прыроды, людзі, жывёлы і расліны і больш значныя рэчы штодзеннага ўжытку.

3 сіл і з'яў прыроды, апрача сонца ці сонечнага святла, часта загадваюцца загадкі яшчэ і на месяц, зоркі, гром, агонь, ваду, зямлю, вецер і інш. Напрыклад:

- Пасцелена дзяруга, на дзярузе рассыпан залаты пясочак, а пасярод залаты крайчык (Зорнае неба і месяц).

- Крыкнуў вол на сто гор (Гром).

- Чорная карова ўсіх людзей пакалола, а белая ўстала, усіх пападымала (Ноч і дзень).

- Ляціць без крыл па сто міль (Вецер).

Аб чалавеку, чалавечым жыцці і розных частках чалавечага цела, аб жывёле і ўсякіх жывых стварэннях загадак вельмі многа - як даўнейшых, так і зусім нядаўных.

- Прыйшоў хтось, узяў штось; ганіся за ім - неведама за кім (Смерць).

- Дзве жнейкі цераз мяжу жнуць, адна другой не бачаць (Вочы).

- За белым бярэзнічкам талалайка грае (Язык).

- Без рук, без ног, а поўзаець (Вужака).

- Ляціць конь заморскі, іржэць ён па-польску; хто яго заб'ець, сваю кроў пральець (Камар).

- Ляжала пакуса, мяса ні куса, чораы, як воран, а равець, як мядзведзь (Жук).

- Ні вокан ні дзвярэй - поўна хатка людзей (Пчолы).

- Семсот сарочак, семсот намётак, а дунець вецер, адкрываець іх да гола цела, хоць і адзежа на мне ўся цэла (Курыца).

Многа загадак і на расліны, прычым у некаторых з раслінамі загадваецца рака, каменне і інш.:

- Адзін кажаць: пабяжым, другі кажаць: паляжым, а трэці кажа: паківаемся (Рака, каменне, трыснік).

- Без рук, без ног на дрэва лезець (Хмель).

- Стаіць палка, на палцы - галка; я магу прысягнуць, што там болей як тысяча (Мак).

- Поўна бочачка круп, а наверсе струп (Мачынка)

- У маленькім гаршчэчку смачненькая кашка (Гарэх).

- Сядзіць паня ў каморы, яе косы на дворы (Морква).

- А ў лазе на адной назе (Грыб). Яшчэ болей загадак з земляробскага і наогул нашага сялянскага быту, з надворных і хатніх абставін і г. д.:

- Ходзіць па саломе - не зашастае (Сонца).

- Сівыя галубчыкі па падзямеллю скачуць (Лемяшы).

- Увесь свет корміць, а сама не есць (Саха).

- Ішло браткоў пяць, а на вясну іх сляды знаць (Барана).

- Сам тонак, як паясок, мой востранькі насок, як выйду на поле ваяваці высокіх панічоў у злаце: яны на мяне лезуць, а мае зубкі іх рэжуць (Серп).

- Маленька-крывенька, а ўсё поле зваюе (Серп).

- Стаіць Рыгор паміж гор, кіямі падпёршыся (Вятрак).

- Два вяпры між сабою б'юцца-сякуцца, аж з іх пена цячэць (Жорны і мука).

- Як ляжыць - ніжэй ката, а як станець - вышэй каня (Дуга).

- А пры боку каліта - поўна злота наліта (Печ).

- Як прысыплеш, дык паменее,- як адсыплеш, дык паболее (Дзверы).

- Крыж на крыжы, сёлькі-толькі, хто ведае колькі (Клубок).

- У лесе сцята, у каморы ўзята, ляжыць - маўчыць, возьмеш на рукі - плача (Скрыпка).

- У лесе радзілася, на вяселле згадзілася (Скрыпка).

- У ліпавым кусце мядзведзь равець (Цымбалы).

- Еду, як па небу, пад сабою сонца бачу (У чаўне).

- Ішоў чалавек дарогаю, ажно ўдвох сена грабуць. Калі брат з сястрой - спешна вам, а мужык з жаной - смешкі ды жарты.- А не брат з сястрой, не мужык з жаной,- мая матка яе матцы свякроўка была (Бацька з дачкою).

Ёсць загадкі, прыдуманыя пісьменнымі людзьмі або звязаныя з жыццём, у якім ужо ёсць не толькі каса, серп, іголка ці замок, але і гадзіннік. Гэтыя загадкі - найчасцей пазнейшага пахаджэння, хоць і не ўсе, некаторыя маглі з'явіцца і вельмі даўно (як, напрыклад, загадка на пісьмо):

- У "небе" ёсць, у "зямлі" няма, у "бабе" дзве, а ў "дзеўцы" ні аднае (Літара "б").

- Бела поле, чорна насенне,- хто не ўмее, той не пасее (Кніга).

- Хто гаворыць без языка? (Пісьмо).

- Ідзе-ідзе, а з месца не сойдзе (Гадзіннік).

Як бачым, некаторыя загадкі маюць і паважную думку (саха ўвесь свет корміць), многія з іх вызначаюцца вялікай вобразнасцю (крыкнуў вол на сто гор) і музыкальнасцю мовы: рытмам, рыфмаю, рознымі сугучнасцямі. Тут мы знаходзім, як зазвычай у народнай слоўнай творчасці, многа эпітэтаў: залаты пясочак, белы бярэзнічак, смачненькая кашка, сівыя галубчыкі, востранькі насок, маленька-крывенька (аб сярпе); параўнанняў: камар - конь заморскі, іржэць па-польску, жук - чоран, як воран, равець, як мядзведзь, мачынка - бочачка, каласы - высокія панічы ў злаце, серп - рэжа, як зубкамі, і тонак, як паясок, печ - каліта, налітая золатам, прычым кожная загадка - гэта параўнанне, якое робіцца асабліва эфектным, калі прадмет, пасля належнага падрыхтавання думкі, разгадан, бо гром грыміць, як вол на сто гор раве, а цымбалы іграюць, як мядзведзь у кусце раве, і г. д. 3 тропаў у прыказках асабліва многа 1) метафар, бо пераноснае значэнне на грунце падобнасці ўражанняў ад розных прадметаў з'яўляецца характэрнаю асаблівасцю загадак: вада бяжыць, камень расцець, вол крычыць, конь ляціць, камар іржэць, хмель лезець, серп ваюе, вятрак падпёрся кіямі, скрыпка плача, пісьмо гаворыць, гадзіннік ідзе; ізноў жа, загадка, узятая ў суцэльнасці - тая ж метафара (кніга - белае поле, пасеянае чорным насеннем). 2) Далей, што да алегорый, дык алегарычнае параўнанне і метафара складаюць сутнасць загадак, як віду слоўнай творчасці; алегорыя ж ёсць пашыраная метафара, так што "белае поле, пасеянае чорным насеннем" - алегорыя, алегарычны вобраз кнігі, "вол? які крыкнуў на сто гор" - алегорыя грому, і што ні загадка - то алегорыя. 3) Многа і ўвасабленняў, якія таксама грунтуюцца на метафары, як на ажыўленні нежывога прадмета пераносам на яго асаблівасцей з прадметаў жывых (сонца - ліска, гром - вол, вочы - жнейкі, морква - паня з косамі, жорны - вяпры). 4) Ёсць і гіпербалы: вол крычыць на сто гор, камар увелькі з мядзведзя, у мачынцы - болей, як тысяча, на курыцы - семсот сарочак, а тож 5) іронія: камар іржэць па-польску, равець, як мядзведзь, ён жа - "пакуса: мяса ні куса". 3 фігур асабліва часта ў загадках бываюць паўтарэнні тых самых слоў, выразаў і адназначных або блізкіх слоў і выразаў: ані здагнаць, ані спазнаць, ні сцежкі, ні дарожкі, залаты пясочак - залаты крайчык, прьшшоў хтось - узяу штось, семсот сарочак - семсот намётак, адзін кажаць - другі кажаць, без рук - без ног, б'юцца - сякуцца, крыж на крыжы, сёлькі-толькі, брат з сястрой - мужык з жаной - а не брат з сястрой - не мужык з жаной, ёсць - няма - дзве - ні аднае, ідзе-ідзе. Ужо з гэтых прыкладаў мы бачым, што ёсць у мове загадак рытм, але некаторыя з іх проста можна выпісваць вершам. Рыфмы: ліска - блізка, здагнаць - спазнаць, хтось - штось, чоран - воран, пабяжым - паляжым, палка - галка, круп - струп, у каморы - на дворы, у лазе - на назе, каліта - наліта, сёлькі-толькі - колькі, сцята - ўзята, паясок - насок; сугучнасці і алітэрацыі: бела не белячы, чорна не чорнячы, ні сцежкі - ні дарожкі, вол - гор (прычым перад словам "вол" стаіць слова з гукам "р" - крыкнуў), забелым - талалайка - бярэзнічкам - грае, прычым само слова "талалайка" з'яўляецца гукапераймальным, ляціць конь заморскі - іржэць ён па-польску, равець - мядзведзь і інш.

Прыклады, узятыя з такога бяднейшага віду слоўнае творчасці, як загадкі, асабліва яскрава гавораць, якое ж вялікае багацце вобразаў, мастацкіх форм, музыкальнасці мовы можна знайсці ў песнях, казках, каб вучыцца па гэтых узорах строіць сваю мову вобразна і музыкальна. У нашых жа класічных пісьменнікаў мы, апрача гэтага, знойдзем і багацце ідэй.

“Гісторыя беларускае літаратуры” Максім Гарэцкі. Мінск “Мастацкая літаратура” 1992.
"Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі" пад рэдакцыяй Н. С. Гілевіча
"Дрэва кахання", складальнік А. І. Гурскі