Сімволіка беларускага рушніка
rusnik-696x522
Ткацтва – адно з самых старажытных і пашыраных рамёстваў на Беларусі, яно вядома з эпохі неаліту. Знаходкі асобных дэталяў ткацкіх станаў і фрагментаў тканін эпохі Кіеўскай Русі на тэрыторыі Беларусі сведчаць, што ткацкая тэхніка знаходзілася на вельмі высокім узроўні ў параунанні з заходнееўрапейскай тэхнікай. Нярэдкія сярод знаходак і прывазныя тканіны, што, вядома, станоўча ўплывала на развіццё мясцовай вытворчасці.
Народнае мастацкае ткацтва і ў нашы часы адзін з найбольш папулярных і пашыраных відаў народнага мастацтва. Любы, хто звяртаўся да народнай культурнай спадчыны Беларусі, павінен быў чуць назву “Неглюбка”. Неглюбка дагэтуль прыцягвае нашу ўвагу самабытным ткацтвам і строямі (гэтак на Беларусі называюць народнае адзенне), архаічнымі абрадамі і, зразумела, рушнікамі. Невядома, адкуль з’явіліся неглюбчане. Нават напісанне назвы вёскі і вымаўленне гучаць па-рознаму. Самі жыхары вымаўляюць вельмі прыгожа – Неглеўка або Негляўка. Зараз гэта даволі вялікая вёска, якая знаходзіцца ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці.
Старажытнага беларуса ўсе жыццё суправаджалі розныя сімвалічныя рэчы: іконы, адзенне, прадметы побыту і, канешне ж, рушнікі. Сцвярджаюць, што самы стары рушнік на Беларусі датуецца сярэдзінай III тысячагоддзя да нашай эры(!).[1.6] Рушнікі мелі рытуальны характар для чалавека. Яны былі з ім ўсе яго жыцце: ад нараджэння і хрышчэння да вяселля, у сямейным жыцці і смерці. Калі дзіця хрысцілі, яго прыносілі дахаты ў рушніку. Людзі браліся шлюбам, стоячы на рушніку, а рукі іхнія абгортваліся…рушніком! Гасцям заўжды падносілі хлеб, паклаўшы яго на рушнік. У хаце рушнік займаў самае пачэснае месца. І не толькі з-за сімвалізму. Беларускі рушнік – гэта сапраўдны мастацкі твор, прыгожы і непаўторны! (гл. дадатак 1) Напрыклад, ікону, якая вісела ў чырвоным куце, заўжды аздаблялі рушніком. На ікону яго памяшчалі абавязкова на Пасху і абавязкова такім чынам, каб белая палова ляжала на іконе зверху, а чырвоная – звісала ўніз. Белая сярэдзіна рушніка, якая ідзе “праз багоў” у куце, мела нявыказаны, сляпы, белы і тайны ўзор. Чырвоны браны (па спосабе ткацтва) “адказ” з’яўляўся на другой палове рушніка – своеасаблівай лесвіцай у неба і з яго. Здаўна лічылася, што рушнік з’яўляўся сцежкай, па якой чалавечая душа магла падняцца на неба або спусціцца з яго.
Рушнікі, а дакладней іх сімволіка, неслі шмат дадатковай інфармацыі як для ўладальніка, так і для аднавяскоўцаў. Што не ўзор, то сімвал. Усё, што занатавана ў народным ткацтве, не пералічыць, але кожны ўзор сімвалізуе дабро, праўду, прыгажосць, любоў і гонар за чалавека і яго працу. Кожны ўзор мае сваё прызначэнне і сваю назву. Ва ўзорах тканых і вышываных вырабаў зашыфравана гісторыя жыцця людзей і прыроды, гісторыя роднага краю. Ёсць такая легенда. Напрыканцы XII ст. на землі Беларусі абрушылася крыжацкая навала. Крыжакоў на адкрытых прасторах перамагчы было вельмі цяжка, практычна немагчыма. Але нашыя продкі, як тыя партызаны, хаваліся ў лесе. Яны сцялілі рушнікі ў выглядзе сцежкі на балоцістай глебе і заманьвалі туды ворагаў. А ў крыжакоў былі на ботах шпоры, і калі яны праходзілі па гэтых рушніках, то чапляліся шпорамі за іх і падалі ўдвух або ўтрох. З засады выскоквалі воіны і з легкасцю бралі ворагаў у палон.[2.6] Але, безумоўна, часцей рушнікі выкарыстоўваліся больш традыцыйна.
Тэхналогія вытворчасці рушнікоў была вельмі цяжкая. Ніткі для ткацтва вырабляліся з ільну. Перш – наперш лён трэба было сабраць, потым вымачыць, высушыць, а потым ужо вырабляць ніткі. Але мы бачым, што на рушніку ёсць два колеры – чырвоны і белы. На той момант не было такіх нітак, як цяпер, пагэтаму ільняныя ніткі трэба было яшчэ і пафарбаваць. Усе гэтыя аперацыі рабіліся жанчынамі, як і само ткацтва.[3.1 с.13]
Тэхніка выканання белафонавых і чырвонафонавых рушнікоў розная. Па белым чырвоныя ўзоры нібы льюцца прыгожымі пераборамі. На старых рушніках чырвоны колер “агнявідных” белафонавых знакаў заўсёды адрозніваецца ад чырвонага ў цёмных фонах. Першы – больш светлы,больш палымяны. І чырвоныя палосы ўзораў – быццам азораная тым полымем і святлом зямля. А на “зямлі”, гэта значыць на цемным, узоры ткуцца белым, светлым, бо жыццё ад Бога. Да таго зямля была “пуста и темновидна”, як сказана ў Бібліі.[4.4. с.38]
madel_susvetu
Мадэль Сусвету ў выглядзе культурнай (рытуальнай) прасторы, праз якую ідзе шлях рушніка


рушнік





An error occurred.

Try watching this video on www.youtube.com, or enable JavaScript if it is disabled in your browser.

Рушнік – гэта не толькі прадмет побыту ці рытуальная рэч. Згодна з поглядамі даследчыкаў Веткаўскага краязнаўчага музея (надалей – ВМНТ), рушнік – мадэль Сусвету старажытных беларусаў. Я паспрабую разгледзець сімволіку гэтага Сусвету праз зварот да традыцыйных сімвалаў беларускага рушніка. А для прыкладу разгледзім традыцыйны неглюбскі рушнік.[5.4. с.38]
Асноўная сімволіка рушніка заключана ў яго арнаментацыі. Арнаментаў вельмі шмат. На сенняшні дзень спецыялісты з ВМНТ налічваюць каля 200 тэрмінаў – назваў арнаментаў рушнікоў. І таму я спынюся толькі на самых значных з іх.
Арнаменты рушнікоў маюць люстэркавую сіметрыю. Што выткана ўнізе, тое выткана і зверху, нязменным застаецца толькі цэнтр, які з’яўляецца асноўнай ідэяй рушніка.У рушніку заключана некалькі відаў стыхійных сімвалаў. Часцей за ўсе астатнія сустракаюцца сімвалы агню, вады і зямлі. Справа ў тым, што ў падмурку мадэлі Сусвету ў старажытных беларусаў знаходзіцца земляробчы год з яго святамі, традыцыямі, прыкметамі. Адпаведна ўсё гэта і змяшчалася ў сімвалічным выглядзе на разнастайных прадметах, якія атачалі жыццё нашых продкаў.
Край рушніка мае назву “крывуля”. Гэта быццам ручаіна за вёскай, край або мяжа. Крывуля заўжды тчэцца на белым фоне.
Ромб, які вельмі часта сустракаецца, – гэта сімвал цаліны, зямлі, якая мусіць быць узараная і засеяная. Калі мы спалучаем ромб і крыж, то крыж адыгрывае ролю дзяліцеля. Ён нібы дзеліць наш ромб на чатыры часткі. Так, на чатыры, мы колем дровы, рэжам яблык, перакрэсліваем аркуш паперы. Але так мы і хрысцімся. Побач з “расколкамі” (гэтак завецца перакрыжаваны ромб) часта бываюць маленькія крыжыкі-агеньчыкі – гэта зярняткі ці промні цяпла. “Расколка”, крыжыкі заўжды чырвонага колеру, як пасхальнае яйка, бо чырвоны сімвалізуе жыцце, сонца, ён прасякнуты энергіяй.
Старажытныя беларусы ўяўлялі свае жыццё ў выглядзе кола. Яно – як сонейка, перавернецца, і зноў пачнецца год. Нараджаюцца дзеці, дзяўчаты гукаюць вясну, і хутка трэба зноў збіраць ураджай. Але вельмі шмат разоў ў разнастайных крыніцах узгадваецца і ўяўленне жыцця ў вобразе чоўна. Чоўнік жыцця ляціць ад берага і да берага па трэцяй паласе рушніка, а за ім відаць свет іншых “хрястов” (крыжоў). Гэта зямля, упрыгожаная крыжамі, сімвалізуе Сусветнае Дрэва. Дарэчы, наш сімвал Дрэва, як бачна, больш падобны на “куст”. Можа быць, менавіта пагэтаму свята, якое святкуецца на другі дзень Троіцы, называецца “Куст”?
Вышэй ўзнімаемся па святочнай лесвіцы. Мы спыняемся перад чацвёртаю паласою, спыняемся на беразе вогненнай плыні, або, як яе называюць у Неглюбцы, – “вялікай крывулі”. Яна мае выгляд пульсуючай плыні. Мы нават бачым вакол яе і ў сярэдзіне маленькія знакі агню. Памятаеце, як у дзяцінстве мы чыталі пра казачнага героя, якому неабходна пераадолець вогненную раку? Вось так і ў нашым рушніку. Гэта крывуля, якая на Купалле насыцілася жыватворнай сілай агню, вады і зямлі. Перад Купаллем у распаленым вогнішчы змяшчаўся вялізны шэст з колам наверсе. Кола падпальвальася, а калі яно прагарала, скочвалася ў ваду. Такім чынам адбываўся сімвалічны шлюб зямлі і вады. А гэта значыла, што ўраджай будзе добрым.
У цэнтры рушніка, на пятай паласе, знаходзілася сакральнае месца. Не здзіўляйцеся, але ў цэнтры знаходзяцца воз і калёсы. Такіх сімвалаў на рушніку больш не было: цэнтр сакральнасці быў непаўторным. Сакральнае месца – гэта вяршыня года, вяршыня кола, па якой ехала сонечная калясніца, аздобленая сімваламі Сусветнага Дрэва.
Але ёсць яшчэ і вогненная калясніца – з Іллёвымі (Іллі-прарока) вогненнымі коньмі. І грымотныя “вялікія крывулі” — навальніцы сцелюць пад яе чырвоны шлях на шостай паласе рушніка.Сапраўды, ад Іллі (святкуецца звычайна другога жніўня) пачынаецца цэлы шэраг навальнічных святаў.
Сёмая паласа – гэта свята снапоў. Сноп у перакладзе – “свяшчэнная павязка жраца”. У геаметрычных высновах старажытнага мастацтва складаць і вязаць снапы, бароды, вянкі і знакі з саломы – ёсць услаўленне веснавой расліннай сілы бога-куста.
Восьмая паласа – ніву зноў узаралі і засяваюць, настае пара восеньскіх святаў.
І апошнюю крывулю дзевятай паласы, (яе інакш называюць “змяёй”), замыкае Здзвіжанне, Уздвіжанне (святкавалася звычайна 27-га верасня). Свята, якое “замыкала” зямлю да новага ўраджаю.
Пра арнаменты і сімволіку рушнікоў можна гаварыць бясконца. Старажытная культура ў многім таямнічая і незразумелая для нас. Амаль усё забылася, сёння сэнс многіх з’яў і сімвалаў нам невядомы. Але яны захаваліся ў нашым жыцці: у абрадах, звычаях, сімвалах, матывах; мы і самі часам не падазраваем аб гэтым. У нашай традыцыйнай культуры дзіўна спалучыліся старыя, язычніцкія( прыродныя) сімвалы і новыя, хрысціянскія. І гэта робіць культуру нашых продкаў непаўторнай і вельмі цікавай для вывучэння.
І да гэтага часу на Беларусі і, канешне ж, у Неглюбцы зіму некаторыя жанчыны пачынаюць ткацтвам. Справа не ў тым, што наша фабрычная прамысловасць кепска працуе, а ў тым, што душа народа патрабуе паўтарэння тых сімвалічных дзеянняў, якія робяцца на гэтай зямлі больш за чатыры тысячы год. І ў рушніку, які тчэ майстрыха да вясны, адчуваецца рытм дзеянняў нашага сучаснага жыцця.

Спіс літаратуры:

1) Арнаменты Падняпроўя.-Мн., 2004
2) Веткаўскі музей народнай творчасці.- Мн., 1994
3) Кацар М.С. Беларускі арнамент.-Мн., 1996
4) Нячаева Г.Р. Ручнік-шлях // Мастацтва № 2-1999
5) Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі.-Мн., 1997
6) Запісана са слоў загадчыцы ВМНТ Нячаевай Г.Р.