Песні




Песні неабрадавыя. Неабрадавыя песні завуцца яшчэ і бытавымі. Сюды належаць: 1) калыханкі і дзяціныя песні, 2) любоўныя песні, 3) песні аб сямейным жыцці, а таксама: 1) гістарычныя, 2) прыгонныя, 3) чумацкія, 4) казацкія, 5) жаўнерскія і інш.

Калыханкі пяюцца маткамі маленькім дзецям. Маці пяе спачатку найбольш просценькія калыханачкі з жыцця жывых стварэнняў. После ўжо, калі дзіця падрастае, яна пяе калыханкі даўжэйшыя і мудрэйшыя. Часам у форме калыханак маці над люлькаю вылівае сваё гора, пеючы аб прыгоне, аб цяжкім жыцці і да т. п. Найболын любяць маленькія дзеці ката. Калыханак пра ката многа. Пяюцца гэтыя калыханкі, як і ўсе наогул, у рытм калыханню: "А-а, коця, не вурчы, а ты, дзетка, спі-маўчы..." і г. д. Ёсць калыханкі аб курах, галубах, зязюльках, аб казе, жуку і інш. Некаторыя нашы паэты карысталіся формаю калыханак у сваёй лірыцы, укладаючы ў іх змсст грамадзянскага, любоўнага і да т. п. характару (напрыклад, "Калыханка" Ф. Багушэвіча). Калі дзеці падрастуць, ім пяюць розныя песні-прыгаворкі, як "Кую-кую ножку, паеду ў дарожку", "Сарока-варона кашку варыла, дзетак карміла", "Ішоў бай па сцяне", "Сіўка-варонка, куды паляцела?" і інш. Некаторыя з іх адбіваюць фантазію дужа даўнага паходжання побач з бытам пазнейшага часу. Па такіх песнях знаёмяць дзяцей з найболын даступнымі іх разуменню прадметамі і з'явамі і даюць розныя адказы, каб у цікавым для дзяцей духу здаволіць іх вялікую пытлівасць.

Дзіцячыя песні, што пяюць самі дзеці, часам выглядаюць адарванымі кавалачкамі ад даўных абрадавых песень-замоў, як, напрыклад: "Дожджык, дожджык, рубані" або "Дожджык, дожджык, перастань", а некаторыя з іх складзены самымі ж дзяцьмі пад уплывам дарослых людзей. Тут і песні аб сонейку, аб дожджыку, тут і песні-вылічэнні, каму з дзяцей бегчы ў гульнях даганяць другіх дзяцей, насмешлівыя песні над дзяцьмі або над кім іншым.

Гістарычныя песні малююць якое-небудзь выдатнае здарэнне ў жыцці народа, захапіўшае ўвагу многіх людзей і захаванае ў іх памяці. Гістарычных песень у нас мала, бо народ жыў воддаль ад палітычнага жыцця, пад уціскам чужых культур, і ў яго характары стварылася безуважнасць да шырэйшых гістарычных падзей. Аднак некаторыя гістарычныя падзеі адбіліся ў дайшоўшай да нас вуснай народнай паэзіі, напрыклад, у вясельных песнях дружына маладога раўнуецца з татарамі, а ў адной песні даецца абраз татарскага пастою:

У чыстым полі бяроза стаяла,
На бярозе зязюля кувала.
Годзе, годзе, зязюля, куваці,
Бо ўжо едуць татары бярозу рубаці.
Ты, бяроза, хілява, бялява,
Чаму ў полі ты не вясёла?
Чаму, бяроза, суха - не зялёна?
Як жа мне зялёнай быці?
Пада мною татары стаялі,
Татары стаялі, голле рубалі,
Голле рубалі, карэнь выбівалі,
Крынічнай вады дабывалі,
Сваіх коней напавалі...

Захавалася гістарычная песня аб абароне Крычава:

Падымалісь чорны хмары,
Неба пакрывалі,-
Прыхадзілі злы татары,
Пад Крычавам сталі;
Запалілі стары Крычаў,-
Канцы запылалі...
Наш Івашка падыймаўся,
Людзі ў рады сталі:
Палілася кроў, змяшалась
3 чорнаю зямлёю,-
Злы татары падаліся
Уцякаць гурбою;
А Івашка гоніць, гоніць,
Голасна смяецца,
Што татарва уцякае,
Аж хахол трасецца.

Захавалася песня аб бітве з маскоўцамі пад Воршаю:

Ой у нядзельку параненьку
Ўзыйшло сонейка хмарненька,
Ўзыйшло сонейка над борам,
Па-над Селецкім таборам...
А ў таборы трубы граюць,
Да ваяцкае парады зазываюць.
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршу дабываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
Пастанавілі павесці бой ад рэчкі.
Білі з самапалаў, з гармат, аж урэшце:

Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці;
А як з Воршы уцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
- Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала.
Як нашая слава тут прапала;
Бадай высыхала да сканчэння свету,
Што нашай славанькі ўжо нету,-
Слава Воршы ўжо не горшы...



У гэтай песні апісваецца бітва, якая была 8 верасня 1514 г. на рацэ Крапіўне. Маскоўскія ваяводы, Чалядзін і Голіца, пасварыліся і, хоць мелі 80 тысяч войска, былі дашчэнту разбіты 35 тысячамі беларусаў і літоўцаў пад камандаю Канстанціна Астрожскага. Такі вынік бітвы зрабіў вялікае ўражанне на народ, і таму злажылася песня.

Захавалася песня аб змаганні Радзівіла са шведамі; хоць ён казаў матцы: "Я тром-пяцём не паддамся", але "от тры шведы наскачылі, Радзівілу ухапілі, зараз ножанькі скавалі, назад ручанькі звязалі". Тады "Радзівіла страпянуўся":

Ўсе жалезы паляцелі
I вяроўкі загудзелі!
Схапіў шаблю, востры меч
Пагнаў шведаў у свет прэч.

Тут бачым нахіл народнай творчасці ідэалізаваць выдатнага ваяку.

Чумацкія песні злажыліся ў нас таму што нашыя сяляне даўней ездзілі ў Крым па соль, "чумачылі". Чумак - вось гэткі селянін, што ехаў туды на паўгода, на год, а каб не набрацца там чумы, прасмальваў сваю вопратку смалою. У дарозе ён мог і захварэць і памерці, тужыў па жонцы і дзецях, з гора не мінаў карчомкі, прычым канчалася справа часам так, што ён прапіваў сваіх валоў і свой воз. Аб гэтых чумацкіх перажываннях і прыгодах і пяецца ў чумацкіх песнях. Самы папулярны матыў - смерць чумака на чужыне, вестку аб чым прыносяць дамоў яго валы.

Казацкія і жаўнерскія песні выяўляюць жыццё казака і жаўнера (салдата). Ёсць у іх і любоўныя матывы, адбітак сямейнага жыцця, сляды гістарычных падзей. Пашыраны матыў: смерць казака ў полі, яго размова з канём, просьба да каня, каб ён бег дамоў і пераказаў бы казацкай радзіне або любай дзяўчыне аб яго смерці.

Прыпеўкі - песні з 4, 6, 8 і болей радкоў. Яны прыпяваюцца ў часе скокаў або пяюцца і так, але зазвычай пад музыку. У іх многа гумару, жартаўлівасці, вясёласці. Найболыы любоўных і сатырычных прыпевак. Але змест цяперашніх прыпевак ахоплівае, можна сказаць, усё жыццё. Бо цяпер прыпеўкі зрабіліся самастойным і вельмі пашыраным відам вуснае паэзіі. Форма іх і матыў сталі больш адказваць умовам сучаснага жыцця. 3 гэтае прычыны шыбкае развіццё прыпевак пачалося ў фабрычных працоўных масах. Пры машыне павольную жніўную песню пяяць немагчыма. А прыпеўкі - шыбкія, кароткія, аднаматыўныя песенькі. Пашыранасць прыпевак з горада перадалася і на вёску. Тут змест іх бярэцца пераважна з сялянскага жыцця. Але наогул цяперашняя прыпеўка не адстае ад усяго жыцця. Не паспее з'явіцца што-небудзь новае ў жыцці, як ужо з'яўляюцца і належныя прыпеўкі. Складаюцца яны паасобнымі людзьмі, але вусна, зараз падхопліваюцца і ідуць у масы. Часта бывае так, што бярэцца гатовая частка з даўнейшае прыпеўкі, дадаецца новая частка, і яшчэ адна прыпеўка ідзе ў свет, як, напрыклад, пашыраная цяпер у Віленшчыне:

Я на дзежцы сяджу. Пад дзежкаю каша,- Вы не думайце, паны: Беларусь не ваша...

У часе вайны на польскім фронце чырвонаармейцы злажылі прыпеўку:

Паравоз, паравоз,
Дзе твае вагоны?
Легіёны - дуракі,
Б'юцца за пагоны.