Прымхліца



Прымхліца (ад слова - прымха) - гэта невялічкае вуснае апавяданне аб нейкім незвычайным, цудадзейным і, як правіла, "страшным" здарэнні, удзельнікам ці сведкам якога нібыта быў сам апавядальнік або добра знаёмы ці нават блізкі яму чалавек. Якія ж гэта такія страшныя, цудадзейныя здарэнні? Ну, скажам, сустрэча з нячысцікам, з вурдалакам, з дамавіком, са змяіным царом, з русалкаю і з іншымі падобнымі істотамі - прадстаўнікамі гэтак званай ніжэйшай народнай дэманалогіі.

Вытокі гэтага цікавага, самабытнага жанру апавядальнай вуснапаэтычнай творчасці тояцца ў глыбокай даўнасці, у пэўных асаблівасцях старажытнага светапогляду, у дахрысціянскіх язычніцкіх уяўленнях. Асновай для яго ўзнікнення і далейшага развіцця паслужыла вера чалавека ў існаванне надпрыродных сіл, у магчымасць розных чарадзейна-магічных пераўтварэнняў, дзівосных праяў і цудаў.

Галоўная вызначальная рыса прымхліц у тым, што усе яны, без выняткку, звязаны з такою з’явай светапогляднага парадку, як прымхлівасць.